Гісторыя Інстытута

Інстытут фізікі імя Б.І. Сцяпанава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пачаў сваё існаванне як сектар фізікі і матэматыкі, арганізаваны ў 1953 годзе ў Фізіка-тэхнічным інстытуце АН БССР акадэмікамі А.Н. Сеўчанкай і Б.І. Сцяпанавым (якіх запрасілі з Ленінграда на пастаянную працу ў Мінску) і загадчыкам кафедры тэарэтычнай фізікі Белдзяржуніверсітэта Ф.І. Фёдаравым. На базе гэтага сектара, які налічваў у той час 10 супрацоўнікаў і 3 аспіранта, 17 студзеня 1955 г. быў створаны Інстытут фізікі і матэматыкі АН БССР — першы ў Беларусі самастойны навукова-даследчы цэнтр фізіка-матэматычнага профілю. У чэрвені 1959 года матэматычная частка інстытута, якая на той час была ўжо даволі шматлікай, была ператворана ў Інстытут матэматыкі і вылічальнай тэхнікі АН БССР, а фізічная частка, якая налічвала каля 90 чалавек, стала Інстытутам фізікі. Са студзеня 1988 года па хадайніцтве калектыву гэты Інстытут стаў называцца Інстытутам фізікі імя Б.І. Сцяпанава НАН Беларусі ў гонар яго дырэктара з 1957 па 1985 год, які зрабіў выключна вялікі ўклад у стварэнне, станаўленне і развіццё Інстытуту. Першым дырэктарам Інстытута фізікі і матэматыкі з 1955 па 1957 год быў Антон Нікіфаравіч Сеўчанка, які перайшоў у 1957 году на пасаду рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Сцяпанаў Барыс Іванавіч (1913-1987) —
выдатны вучоны ў галіне агульнай спектраскапіі,
малекулярнага спектральнага аналізу,
люмінесцэнцыі, лазернай фізікі, нелінейнай оптыкі;
заснавальнік Інстытута фізікі, дырэктар з 1957 па 1985 гг.,
Герой сацыялістычнай працы, Заслужаны дзеяч навукі БССР,
лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і БССР,
акадэмік, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар.

 

Разам з А.М. Сеўчанка, Б.І. Сцяпанавым і Ф.І. Фёдаравым выключна важную ролю ў арганізацыі і развіцці Інстытута фізікі адыгралі таксама М.А.Барысевіч — намеснік дырэктара па навуковай працы Інстытута да 1969 года (у 1969 годзе ён стаў прэзідэнтам АН БССР) і М.А. Ельяшэвіч, які пераехаў з Ленінграда ў Мінск у 1956 годзе і быў абраны акадэмікам АН БССР.

Севченко Федоров Борисевич Ельяшевич

Злева направа: А.Н. Сеўчанка, Ф.І. Федараў, М.А. Барысевіч, М.А. Ельяшэвіч.

Яшчэ да стварэння Інстытута яго арганізатары разгарнулі вялікую працу па падборы і падрыхтоўцы навуковых кадраў, фарміраванні тэматыкі даследаванняў. У выніку з самага пачатку Інстытут рос вельмі хутка і ўжо ў пяцідзесятыя гады вёў шырокі фронт даследаванняў па спектраскапіі і люмінесцэнцыі складаных малекул у растворах і парах, оптыцы анізатропных і рассейваючых асяроддзяў, спектраскапіі і дыягностыцы нізкатэмпературнай плазмы, тэорыі элементарных часціц. З 1961 года найважнейшымі напрамкамі навуковых даследаванняў сталі лазерная фізіка, нелінейная оптыка і лазерная спектраскапія.

Першы лазер, як вядома, быў створаны ў 1960 годзе ў ЗША. Б.І. Сцяпанаў і шэраг вядучых супрацоўнікаў Інстытута фізікі адразу зразумелі, што адкрыццё лазераў заснавала прынцыпова новы этап у развіцці оптыкі, таму хутка і энергічна ўключыліся ў распрацоўку гэтага кірунку самі, пацягнулi за сабой сваіх калег і вучняў. Атрымалася, што многія развітыя ў Інстытуце раней падыходы і метады маглі быць перанесены ў новую вобласць, таму  многія супрацоўнікі былі  добра падрыхтаваныя да ўспрымання новых ідэй і эфектыўнай працы ў гэтай галіне. У Інстытуце у той час усталявалася выключна творчая атмасфера, даследаванні і распрацоўкі Інстытута знаходзіліся на пярэднім фронце развіцця лазернай фізікі і нелінейнай оптыкі, часта вызначалі гэты фронт. Інтэнсіўна праводзіліся тэарэтычныя, а з 1963 года, калі У.А. Піліповічам ў Інстытуце быў запушчаны першы лазер, і эксперыментальныя даследаванні.

Па ўзроўню і аб’ёму навуковых даследаванняў і распрацовак, якасці атрыманых вынікаў, шыраце тэматыкі Інстытут фізікі ўжо ў шасцідзесятыя гады стаў адным з вядучых навуковых цэнтраў Савецкага Саюза ў галіне лазернай фізікі, фізічнай оптыкі і аптычнай спектраскапіі, фізікі плазмы. Улічваючы гэта, Прэзідыум АН СССР ў 1964 годзе даручыў Інстытуту выданне ўсесаюзнага «Журнала прыкладной спектраскапіі». У 1965 годзе Інстытут паспяхова арганізаваў на беразе возера Нарач першы ў СССР адкрыты сімпозіум па нелінейнай оптыцы і лазернай фізіцы.

У 1967 годзе Інстытут фізікі першым з устаноў Акадэміі навук БССР быў узнагароджаны Ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга за вялікія поспехі ў развіцці фізікі і падрыхтоўку высокакваліфікаваных кадраў. Хуткаму станаўленню Інстытута фізікі як буйнога навуковага цэнтра, яго поспехам і дасягненням перш за ўсё спрыяла тое, што яму за кароткі час удалося актыўна ўключыцца ў распрацоўку актуальных праблем фізікі таго часу, забяспечыць сябе творча адоранымі і працавітымі кадрамі, стварыць магутнае спецыялізаванае канструктарскае і тэхналагічнае бюро з доследнай вытворчасцю, здольнае на высокім узроўні выконваць доследна-канструктарскія распрацоўкі і вырабляць складаныя ўстаноўкі і прыборы. Дзякуючы гэтаму лабараторыі Інстытута мелі добрую магчымасць ствараць і своечасова мадэрнізаваць сваю матэрыяльна-тэхнічную базу, даводзіць распрацоўкі прыбораў да эксперыментальнага ўзору.

Здарылася так, што заснаванне і станаўленне Інстытута фізікі па часе супала з бурнымі, рэвалюцыйнымі пераўтварэннямі ў оптыцы і спектраскапіі. Неабходнасць вырашэння праблем працы ракетных рухавікоў і обцяканьня ракет пры іх руху ў атмасферы, развіццё тонкіх і дакладных тэхналогій і вытворчасцей спарадзілі высокі попыт на спектральныя і аптычныя даследаванні і распрацоўкі. Адкрыццё лазераў прывяло да карэннай ломкі многіх паняццяў і ўяўленняў у оптыцы. Узнікла магчымасць выкарыстоўваць святло не толькі для вырашэння задач святлатэхнікі і вывучэння структуры і уласцівасцяў рэчываў, але і як магутны сродак уздзеяння на розныя аб’екты, для апрацоўкі і перадачы інфармацыі. У оптыцы і на стыку яе з іншымі абласцямі ведаў ўтварылася шмат новых напрамкаў і раздзелаў навукі. З пазіцый сённяшняга дняможна сказаць, што Інстытут фізікі вельмі актыўна ўдзельнічаў як у вырашэнні многіх канкрэтных задач гэтых напрамкаў, так і ў пастаноўцы многіх прынцыповых пытанняў.

Бурны рост калектыву Інстытута працягваўся каля 20 гадоў. У другой палове сямідзесятых гадоў ён запаволіўся і стабілізаваўся на ўзроўні крыху вышэй за 1300 чалавек, у тым ліку каля 500 чалавек у СКТБ з АП і 150 чалавек у Магілёўскім аддзяленні, заснаваным ў 1970 годзе. Стабілізаваліся аб’ёмы даследаванняў і распрацовак Інстытута, хоць попыт на іх, як і раней, заставаўся вельмі высокім. Тэматыка даследаванняў па-ранейшаму дынамічна адсочвала сусветныя тэндэнцыі развіцця распрацоўваемых навуковых напрамкаў і патрэбы практыкі; адбывалася далейшае ўмацаванне і пашырэнне шматлікіх творчых сувязяў з акадэмічнымі ўстановамі і ВНУ, прадпрыемствамі абароннага сектару, Інстытут актыўна ўдзельнічаў у выкананні буйных дзяржаўных праграм і заданняў, часта ў якасці галаўной арганізацыі. Паспяхова развівалася супрацоўніцтва з НДІ касмічных даследаванняў і касманаўтамі ў распрацоўцы праблем касмічнага спектраметрыравання ландшафтных і іншых аб’ектаў на паверхні Зямлі. Нашы прыборы выводзіліся ў космас і надзейна працавалі на борце касмічных станцый. Па заданні Гідрамета СССР наш Інстытут удзельнічаў у стварэнні сістэмы лазерных лідарных станцый для стратасферных даследаванняў. Мацнелі сувязі з БелОМА.

У 1979 г. пры Інстытуце быў створаны Міжведамасны канструктарскі аддзел двайнога падпарадкавання (АН БССР і Міністэрства абароннай прамысловасці СССР), дзейнасць якога садзейнічала паскарэнню выкарыстання навуковых вынікаў Інстытута для вырашэння задач, якія стаялі перад абароннай прамысловасцю аптычнай накіраванасці. У 1984 годзе было створана Мінскае доследна-прамысловае прадпрыемства АН СССР унікальнага прыборабудавання. На гэтым прадпрыемстве быў арганізаваны серыйны выпуск прыбораў і элементаў лазерна-аптычнай тэхнікі, распрацаваных у Інстытуце. Неабходна адзначыць, што запуск гэтага прадпрыемства праходзіў пад патранажам Прэзідэнта АН БССР М.А. Барысевіча і Інстытута фізікі. Шмат сіл і энергіі гэтаму прадпрыемству аддаў В.С. Буракоў.

Вынікі навуковай і практычнай дзейнасці Інстытута фізікі ў савецкі перыяд адзначаны 2 Ленінскімі прэміямі, 8 Дзяржаўнымі прэміямі СССР, 8 Дзяржаўнымі прэміямі БССР, 10 прэміямі ВЛКСМ і ЛКСМБ, шматлікімі ордэнамі і медалямі. Арганізатары Інстытута і стваральнікі буйных шырока вядомых навуковых школ А.Н. Сеўчанка, Б.І. Сцяпанаў, Ф.І. Фёдараў і М.А. Барысевіч былі ўдастоены ганаровага звання Героя сацыялістычнай працы.